ТАВАРЫ́СТВА ПАДХАРУ́НЖЫХ,

змова Высоцкага, тайная арг-цыя, заснаваная 15—16.12.1828 у варшаўскай Школе падхарунжых пяхоты па ініцыятыве падпаручніка П.Я.Высоцкага. Ва ўстаноўчым пасяджэнні ўдзельнічалі Ю.​Гуроўскі, Ю.​Дабравольскі, К.​Каршніцкі, А.​Ласкі, К.​Махнацкі, С.​Панінскі, К.​Пашкевіч, С.​Ціхоўскі. Духоўным папярэднікам прызнавалі кіраўніка Нац. масонства маёра В.Лукасінскага. Т-ва падтрымлівала сувязь з сеймавай апазіцыяй (калішанамі і інш.), мела кантакты з І.Лялевелем, Ю.У.Нямцэвічам і інш. Мэтай т-ва была падрыхтоўка ўзбр. паўстання. Першы раз планавалася ўзняць яго ў сакавіку, другі раз — 20.5.1829 у час каранацыі Мікалая I у якасці польскага караля, але планы не здзейсніліся. Са жн. 1830 пачала фарміравацца структура больш разгалінаванага т-ва, у якое апрача падхарунжых уступалі студэнты, інтэлігенцыя. Да кастр. ў т-ва ўваходзіла каля 200 малодшых афіцэраў; яго секцыі ўтвораны ў большасці варшаўскіх палкоў пяхоты, у асобных батальёнах і батарэях, Варшаўскім ун-це (гурткі М.​Швейзера, Н.​Шыманскага, Я.​Барткоўскага). Новы план паўстання прадугледжваў забойства цэсарэвіча Канстанціна Паўлавіча, раззбраенне рус. войска ў Варшаве і нейтралізацыю польскіх генералаў, верных цэсарэвічу. У сувязі з арыштамі студэнтаў і часткі падхарунжых, зменай міжнар. абставін (падрыхтоўка рас. інтэрвенцыі з удзелам польскай арміі ў Бельгію) вырашана прыспешыць план паўстання (гл. Паўстанне 1830—31).

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)